Дарослы чалавек не можа ўявіць сваё жыццё без першых крокаў маленькага чалавека, яго ўсмешкі, чыстага позірку — без дзіцяці. Усім вядома, што 1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Але не ўсе дасведчаны аб з’яўленні гэтага свята.
Дык чаму ж людзі раптам вырашылі ахоўваць дзяцей? Ад каго або ад чаго?
Пасля жудасных падзей Другой сусветнай вайны многіх дарослых хвалявала пытанне абяздоленых хлопчыкаў і дзяўчынак. Рэзка павялічылася колькасць дзяцей-сірот па ўсім свеце, якія галадалі і не мелі пастаяннага прытулку.
З 1949 года пачынаецца гісторыя ўзнікнення свята. У Парыжы на кангрэсе ўзнялі пытанне аб ахове ўсіх абяздоленых малалетніх. А амаль праз год, 1 чэрвеня, было праведзена свята, прысвечанае ахове дзяцей. І адразу розныя краіны, адна за другой, падхапілі гэту эстафету. З таго часу Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаюць 1 чэрвеня ў краінах Еўропы, Азіі і іншых.
Разам з гэтым святам існуе яшчэ некалькі дат, якія прысвечаны дзіцячай тэматыцы. З 1956 года 20 лістапада адзначаюць Сусветны дзень дзіцяці. А 16 чэрвеня — Дзень аховы дзяцей Афрыкі.
Існуе сімвал Міжнароднага дня абароны дзяцей — сцяг з выявай планеты зямлі на зялёным фоне і пяць рознакаляровых фігурак па яе акружнасці.
Зялёны колер сімвалізуе ўрадлівасць і гармонію, планета — агульны дом, а пяць рознакаляровых фігурак — трываласць і разнастайнасць.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў краіны свету актыўна падтрымліваюць правядзенне гэтага свята. Для рабят арганізуюцца шматлікія мерапрыемствы і канцэрты. На вуліцах гарадоў у гэты дзень шумна і людна, дзеці крочаць з паветранымі шарамі. Многія сем’ямі адпачываюць на прыродзе. Штогод у Міжнародны дзень абароны дзяцей праводзяцца тэатралізаваныя выступы, якія закранаюць надзённыя праблемы непаўналетніх. У гэты дзень усе дзіцячыя творчыя калектывы імкнуцца паказаць свае таленты і ўменні. Ва ўсіх населеных пунктах краіны арганізуюцца выступы музычных, тэатральных, спартыўных калетываў, мастацкія творчыя выставы дзіцячых работ.
У Міжнародны дзень абароны дзяцей хочацца задумацца над нестабільнасцю ў свеце і праяўляць клопат і падтрымку дзецям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы па волі лёсу ці па віне дарослых. Лозунгам такіх сустрэч і дзеянняў павінны быць словы «чужых дзяцей не бывае»!
Мірнага неба над галавой і шчаслівага дзяцінства ўсім дзецям на Зямлі!
Наталля Анісавец,
г.п. Лоеў.