Магчыма, менавіта так патрэбна нам назваць свой новы проект, прысвечаны святкаванню дней нараджэння чароўных, непаўторных куточкаў, у якіх спрадвеку жывуць гаспадарлівыя, працавітыя, таленавітыя і сціплыя людзі. Гэта і будзе адно са шматлікіх прызнанняў у любові да малой радзімы.
У мінулую нядзелю разам з народным калектывам “У каго душа бадзёрая — не старэе ніколі” мы накіраваліся ў зарэчча, у вёску Абакумы. Яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства, пакуль сабіраліся ўсе ў гарадскім цэнтры культуры, сярод удзельнікаў адчувалася нешта падобнае на занепакоенасць або ўсхваляванасць. А яны сапраўды хваляваліся: ці дазволіць надвор’е ладзіць канцэрт, ці прыйдзе хто з вяскоўцаў на свята, ці не забудуцца словы… Але пакрысе гэтыя думкі раставалі нібы смуга туману, а іх месца занімалі… прыпеўкі. Ды якія! Адна запявае, другая адказвае. Гумар пра каханне і любоўныя пакуты басконцай крынічкай завіўся навокал артыстаў. І вось людзі з гармонікамі і іншымі музычнымі інструментамі паселі па машынах і накіраваліся за рэку. Песні пелі і на пароме, пакуль плылі цераз Дняпро. А ў Абакумах артыстаў ужо чакалі.
Прама на вуліцы, насупраць будынку ўжо закрытай гандлёвай кропкі, без мікрафонаў і фанаграм адбывалася свята. Залівіста гучалі гармонік і баян, запрашаючы тых, хто застаўся дома, пакінуць свае справы на гадзіну-другую і адпачыць у коле аднавяскоўцаў, сяброў, знаёмых. Калі яшчэ давядзецца сабрацца вось так разам?
З сардэчнымі пажаданнямі доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту, любові, шчасця, поспехаў ва ўсіх справах віталі прысутных старшыня Карпаўскага сельвыканкама і ўпраўляючы справамі. Кожны ўдзельнік свята, ад самых маленькіх да самых сталых, пакаштаваў смачнага духмянага караваю. Па традыцыі памянулі словам тых, хто ў гады вайны не вярнуўся ў вёску, успомнілі сваіх працаўнікоў, рукамі якіх будаваўся дабрабыт мясцовай гаспадаркі ў пасляваенныя пяцігодкі. Не засталіся без увагі і падарункаў сапраўдныя гаспадары, якія клапоцяцца пра навядзенне парадку каля сваіх домаўладанняў. Добрымі словамі была адзначана праца фельчара, паштальёна, бібліятэкара, прадаўца і інш.
Вяскоўцы з задавальненнем слухалі песні ў выкананні ўдзельнікаў народнага калектыву “У каго душа бадзёрая — не старэе ніколі”, артыстаў аўтаклуба ГЦК, байкі ад Святланы Ціханчук, прыпеўкі ад Таццяны Хахловай, а некаторыя разам з гасцямі прытанцоўвалі. Яны шчыра радаваліся ўладкаванаму святу, не жалелі далоняў для апладысментаў і слоў удзячнасці арганізатарам і артыстам. Разам з вядомымі матывамі яны вярталіся да народных вытокаў, да бацькоўскай спадчыны, да сваёй роднай вёсачкі. Ніхто не застаўся раўнадушным, нават гараджане, якія прыязджаюць у Абакумы на лета, і жыхары суседняй Украіны, якіх лёс звязаў з Беларуссю. Аляксандр Ляны ад імя ўсіх вяскоўцаў папрасіў напісаць у раёнцы вялікімі літарамі “ШЧЫРАЕ ДЗЯКУЙ” за атрыманую магчымасць адпачыць душой.
Тэкст і фота
Людмілы Краўцовай, “ЛК”.