ТЭАТРАЛЬНЫ КАЛЕКТЫЎ «АДЛЮСТРАВАННЕ» ПАПОЎНІЎСЯ НОВАЙ УЗНАГАРОДАЙ

У канцы сакавіка ў горадзе Слуцку, які з’яўляецца сёлета культурнай сталіцай Беларусі, прайшоў IV Рэспубліканскі фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральныя скрыжаванні”. Гомельскую вобласць прадстаўляў народны тэатральны калектыў “Адлюстраванне” Лоеўскага гарадскога цэнтра культуры.

На суд гледачоў, калег і кампетэнтнага журы нашы землякі прадставілі спектакль «Курорт для зяця» па п’есе беларускага драматурга Васіля Ткачова. Падзея гэта была вельмі хвалюючай для ўсяго творчага калектыву, паколькі сцэну давялося дзяліць з такімі масцітымі прафесіяналамі як, напрыклад, народны тэатр «Пілігрым» з Полацка, драматычны тэатр «Відарыс» з Барысава, Слуцкі народны тэатр імя В. Галубка.

Аднак удзельнікі тэатральнага калектыву Ганна Мельнік, Пятро Бондар, Антон Макарэвіч, Андрэй Кароткі, Алеся Брэгід, выступілі годна. Гэта было незабыўнае відовішча на сцэне! Здавалася, што вось-вось — і яна трэсне па швах ад выбуховага смеху публікі. Бо не смяяцца з гэтай старой, як свет, гісторыі пра «цёплыя» адносіны цешчы і зяця было немагчыма. Простыя дэкарацыі, уменне акцёраў перадаць глыбокі сэнс пастаноўкі нікога не пакінулі абыякавымі.

Менавіта, любоў да тэатральнага мастацтва і прафесіяналізм дазволілі калектыву “Адлюстраванне” ўвайсці ў лік узнагароджаных па выніках усіх праглядаў і атрымаць дыплом “За іранічнае ўвасабленне прынцыпаў грамадскага побыту’’. Матэрыяльным дадаткам да ўзнагароды стаў каштоўны падарунак — музычная партатыўная калонка.

Жадаем творчаму калектыву моцнага здароўя і энергіі на доўгія гады, каб яшчэ шмат п’ес яны прапанавалі нам, гледачам.