У Крупейках адбылося доўгачаканае свята вёскі. Чаму менавіта такі прыметнік? Зараз адкажу. Свята чакаюць не толькі жыхары вёскі, але і тыя аднавяскоўцы, якіх жыццёвы шлях завёў далёка ад малой радзімы. Яны крыху з сумотай, але нецярпліва гартаюць фотаздымкі ў мэсэнджарах і розных сацыяльных групах.
Праглядваючы віртуальныя відарысы, якія дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу ў лічаныя хвіліны апынаюцца на іншым баку зямнога шара, карыстальнікі Інтэрнэту ўдзячна разважаюць: “Нібы дома пабывалі, сустрэліся з роднымі і блізкімі”. Кожны год на свята вёскі абавязкова прыязджаюць тыя, хто жыве блізка, каб адпачнуць душой і да роднай зямлі дакрануцца сэрцам. Цікавыя моманты дзейства спяшаецца пакінуць на памяць з фотакамерай у руках сялянка Марыя Коваль. А потым здымкі атрымоўваюць сотні праглядаў у “Аднакласніках”. Тут каго толькі не пабачыш… Аднавяскоўцы — душэўны народ, таму з задавальненнем дазваляюць сябе сфатаграфаваць на памяць.
Сёлета Дзень вёскі пачаўся з выступлення старшыні Каўпенскага сельскага Савета Людмілы Прымак, якая напрыканцы сваіх слоў традыцыйна пачаставала жыхароў і гасцей Крупеек духмяным караваем. На гэты раз ініцыятары свята арганізавалі выставу старых фотаздымкаў, якія раней, гадоў 50 назад, былі вялікай рэдкасцю. Праходзячы праз імправізаваныя мальберты, землякі з цікавасцю пазнавалі сябе і сваіх сяброў у маладосці і нібы здзейснілі падарожжа ў мінулае.
Штогод свята вёскі — гэта кірмаш вырабаў цудоўных мясцовых масцярыц-вышывальніц, такіх як Антаніна Прышчэпава, Валянціна Верамеенка, Валянціна Шатава. На гэты раз у выставе прыняла ўдзел са сваімі прыгожымі работамі і лаяўчанка Вольга Карнаушанка.
Праводзіць святы на сяле стала ўжо добрай традыцыяй. Упершыню адно з іх адбылося ў 2014 годзе.
У мясцовым парку, дзе праходзіць мерапрыемства, збіраюцца людзі ўсіх узростаў. Гэта яшчэ адна нагода пабачыцца са знаёмымі, адпачыць ад вясковых клопатаў, паслухаць любімыя песні ў выкананні таленавітых артыстаў, без якіх не абышлося і зараз. Спевакі з гарадскога цэнтра культуры Наталля Цімошчанка і Алеся Брэгід прадставілі на суд гледачоў сучасныя музычныя кампазіцыі, паланіўшыя сэрцы самых патрабавальных слухачоў. Мясцовыя ж таленты — Міхаіл Абрубаў і яго дачка Ірына, Валянціна Лысянок, Святлана Лысянок, Людміла Сініла і акампаніятар Мікалай Лысянок — падарылі святочны настрой усім прысутным.
У парку было чым заняцца не толькі дарослым, але і малым. Побач з лакацыяй мерапрыемства дзяцей чакалі атракцыёны. А вось ахвочыя да лакамстваў маглі набыць салодкай ваты, поп-корна.
Калі адгрымела ўрачыстая частка, па вёсцы яшчэ доўга разносіліся запальныя мелодыі. У гэты дзень танцавальную пляцоўку займала не толькі моладзь, але і людзі старэйшага ўзросту, усе адплясвалі далёка за поўнач.
Што ж, свята здейснілася на славу. Яго арганізатарамі сталі загадчыца мясцовым клубам Святлана Лысянок і бібліятэкар Валянціна Лысянок. Дзякуючы іх нераўнадушшу ў вяскоўцаў на доўгі час застануцца цёплыя ўспаміны і адчуванне адзінства з родным краем, людзьмі і зямлёй. Здароўя вам, шчасця ў асабістым жыцці, мілыя жанчыны, і далейшых творчых поспехаў у працы!