Вайна ў снах і наяве

Як было аб’яўлена аб пачатку нападу гітлераўцаў на нашу краіну — я дакладна чамусьці не памятаю, хоць мне тады і пайшоў ужо пяты гадок. А перад гэтым у цвітучым маі запомнілася такая сцэнка: бацька трымае мяне на руках, абняў, пацалаваў, некуды заспяшаўся. Тады я яшчэ не ведаў, што тата быў прызваны ваенкаматам на вайсковыя зборы, ён паказаў сябе здольным сталяром і цесляром. А трапіў ён у Заходнюю Беларусь — Беластоцкую вобласць, дзе быў заняты на будаўніцтве ўмацаванага раёна (УРа). Адтуль бацька паведаміў у пісьме, дзе праходзіць служба. А з Захаду ўжо насоўвалася страшная навальніца вайны. На жаль, ён трапіў у палон і загінуў.

Хоць да нас фашысты яшчэ не дайшлі, а вось налёты нямецкіх самалётаў памятаю. У канцы пасёлка Барэц, бліжэй да Пабядзіцеля, знаходзіўся калгасны агарод. Маці ўзяла мяне з сабой. І калі паляцелі самалёты, загадала падаць у разору, прыціскацца да зямлі.

У адным з газетных матэрыялаў яшчэ раней я пісаў аб тым, што ў нашых населеных пунктах уздоўж лесу спыніліся на пастой народныя мсціўцы партызанскай брыгады “За Радзіму”. Жылі яны і ў нашай хаце, і ў суседзяў. І за гэта ворагі бязлітасна помсцілі жыхарам Барца, Пабядзіцеля, Васхода, Прагрэса. Добра хоць, што партызанскія сувязныя загадзя паведамілі аб набліжэнні карнікаў. Людзі, спешна прыхапіўшы кароў, свіней, тое-сёе з дамашняга скарбу, уцякалі ў лес. Фашысты ганяліся за імі.

Па расказах старажылаў вёскі, з Барца былі забіты 17 ні ў чым не павінных жанчын і малых дзяцей. Генацыд у дачыненні да народа быў у разгары. Адна з жанчын — гэта чулі вяскоўцы — крычала: “Не чапайце мяне, мой брат служыць у вашай паліцыі”.

Але фашысты, аслепленыя нянавісцю да славянскай нацыі, апрацаваныя гебельсаўскай прапагандай, не пашкадавалі гэтую сялянку і яе малалетняга сына.

А пасёлак цалкам згарэў, агонь знішчыў хаты, гаспадарчыя пабудовы, нават агароджы, абпаліў сады. Нам давялося некаторы час жыць у роднай цёткі Алёны ў Суткове, мірыцца з цеснатой і нязручнасцямі. Астатнія людзі перабраліся хто ў Казіміраўку, хто ў Пярэдзелку ці яшчэ куды. Праз некаторы час мы вярнуліся на папялішча. Жылі ў зямлянцы, а потым у курані, зробленым з драўляных плах і абкладзеных зямлёй. А зімавалі зноў у зямлянцы.

Чырвоная Армія з баямі набліжалася да Дняпра. Неяк з лесу выйшлі некалькі савецкіх салдат. Хутчэй усяго, яны разведвалі варожыя ўмацаванні. Маці, убачыўшы нашых чырвонаармейцаў, заплакала ад радасці, сказала, што і яе муж, Фёдар Іванавіч, недзе ваюе. Але ж яна тады яшчэ не ведала аб трагічным лёсе блізкага ёй чалавека.

За час вайны мы зведалі многае: холад, голад, трывогі, сыпны тыф. А перад тым, калі фашысты яшчэ не спалілі пасёлак, на Барэц наведаліся паліцэйскія з Брагіншчыны. Якім чынам маці даведалася, што здраднікі з суседняга раёна, для мяне засталося невядомым. Паліцыянты ператрэслі хатнюю маёмасць, забралі бацькавы сталярныя і цяслярныя інструменты.

Перад самым фарсіраваннем Дняпра на сядзібу к нам заехаў канём мясцовы здраднік па прозвішчу Грышкавец, які быў родам ці то з Чапліна, ці то са Страдубкі. Мы з брацікам Валодзем, які загінуў пасля вайны, спалохаліся паліцэйскага і наіўна хаваліся ад яго, бегаючы вакол капца з бульбай. Грышкавец угледзеў тут жа прывязанае на вяровачцы парася, дастаў пісталет і застрэліў яго. Укінуў здабычу-трафей на воз і павёз некуды, каб падкарміць марадзёраў з “доблеснай” нямецкай арміі.

Давялося нам пры наступленні савецкіх войск зноў хавацца ў лесе, дзе зрабілі прымітыўны будан, начаваць з трывогамі і асцярожнасцю. А потым зноў вярнуліся ў вёску, каб перажыць авіяпалёты. Па маіх падліках, на Барэц — якая там ужо засталася вёска, адны папялішчы і зямлянкі, — фашысты скінулі пяць металічных карытаў са стабілізатарамі, у кожным з якіх было па 2 бомбы. Ад іх выбуху ўтварыліся вельмі глыбокія ямы. Добра, што хоць ніхто не загінуў пры гэтым.

Нейкія нямецкія салдаты, у размове якіх трапляліся славянскія словы — хутчэй усяго, гэта былі славакі або чэхі, — давалі нам каля зямлянкі цукеркі. Як жа хацелася салодкага пакаштаваць, але незразумелым унутраным пачуццём мы адчувалі, што гэта ад ворага, думалі, што атручанае. І не елі, а пасля цукеркі закопвалі ў зямлю.

Да гэтага часу стаіць у вачах жудасная карціна павешвання фашысцкага салдата. Недзе нашы байцы паймалі яго ў Ліпняках, калі ён паліў вёску. А прыгавор чамусьці вырашылі выканаць на месцы нашага былога населенага пункта. Некалькі дзён правісеў павешаны на слупе карнік, палохаючы жанчын, якім даводзілася ноччу хадзіць да блізкага калодзежа, бо днём ваду выбіралі поўнасцю кавалерысты і абознікі, якія рухаліся на Захад.

А ў адзін з кастрычніцкіх дзён неба ўкрылі кропкі нашых самалётаў. Дзясяткі, сотні танкаў рушылі на падаўленне ворага. Вайна працягвалася яшчэ доўга, але была надзея, што з акупантамі будзе пакончана.

Па ўспамінах старажылаў, толькі з Барца не вярнуліся жывымі каля 40 жанатых мужчын і халастых хлопцаў, гэта былыя франтавікі і партызаны. Яны да вайны паказалі сябе здольнымі людзьмі — хлебаробамі, будаўнікамі, садаводамі, пчалярамі.

Сапраўды, вайна прынесла нямала гора, слёз, няшчасцяў для ўдоў і дзяцей. Фашысцкае нашэсце абышлося і маёй сям’і вельмі дорага. Ад вайны і яе вынікаў ужо пасля, па маіх падліках, загінулі 15 блізкіх нам людзей — бацька, родныя і дваюрадныя дзядзькі, цёткі, браты. Так што няхай тыя, хто думае аб рэваншы вайны на Захадзе, падлічаць, якой цаной дасталася нам Перамога над Германіяй, колькі каштавала сіл і ахвяр, каб дабіцца трывалага міру над квітучай краінай. Гэта яны, нашы доблесныя воіны, партызаны, а ў дапамогу ім і падпольшчыкі, працаўнікі тылу змаглі процістаяць фашысцкай навале, настойліва кавалі Перамогу.

Мікалай Мельнічэнка (на снимке), дзіця вайны.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK