Члены абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» актыўна папулярызуюць чытанне і мастацкую кнігу не толькі ў сябе дома, але і за межамі рэспублікі. Днямі гомельскія празаікі-прыродазнаўцы Таццяна Майсеева і Андрэй Мацвеенка прынялі ўдзел у анлайн-мосце «Збліжаючае чытанне», які адбыўся дзякуючы ініцыятыўнасці спецыялістаў аддзела абслугоўвання навучэнцаў 1-5 класаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна і дзіцячай бібліятэкі № 156 г. Масквы.
Падчас анлайн-сустрэчы юныя масквічы і іх бацькі здзейснілі віртуальнае падарожжа ў Беларусь, дзякуючы якому даведаліся шмат цікавага аб другім па велічыні і па колькасці жыхароў у нашай рэспубліцы горадзе над Сожам. А затым пісьменнікі прадставілі сумесна напісаныя імі кнігі: «Знаёмыя незнаёмцы», «Дзякуй, Марта», «Лясоў таямнічая сень…», «Пачуць лісціка шамаценне», азнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з прыродай, раслінным і жывёльным светам беларускай зямлі. Таксама літаратары, асноўнай тэмай творчасці якіх з’яўляецца прырода і навакольны свет, адказалі на шматлікія пытанні дапытлівых чытачоў.
Дарэчы, масквічам было вельмі цікава адкрыць для сябе беларускіх аўтараў, даведацца, кім, напрыклад, яны хацелі стаць у дзяцінстве. Але асаблівую цікавасць, зразумела, у іх выклікалі апавяданні аб звярах, птушках, раслінным свеце палескіх лясоў. А яшчэ беларускія літаратары атрымалі ад дзяцей наказ: скласці новую казачную гісторыю пра… шышку! У сваю чаргу складаць гісторыю пра шышку будуць і юныя чытачы ў сталіцы Расіі. Новая цікавая і пазнавальная сустрэча паміж Гомелем і Масквой абавязкова пачнецца з азнаямлення менавіта з гэтымі казкамі. Што ж, і пісьменнікі, і дзеці атрымалі незвычайнае хатняе заданне!