Тры суседнія вёскі з супольнай гісторыяй

Гэтаму факту зараз можна здзіўляцца, але вёскі Белы Калодзеж, Рудня Бурыцкая і Вышкаў Бурыцкая, якія размяшчаюцца на крайнім захадзе нашага раёна, узніклі ў сувязі з будаўніцтвам чыгункі Гомель — Бранск, якое распачалося ў 70-я гады ХІХ стагоддзя. Тады некаторыя жыхары вёсак Вышкаў, Старая Рудня і Белы Калодзеж (зараз гэтыя вёскі размяшчаюцца ўздоўж чыгункі Гомель — Бранск у Навазыбкаўскім раёне Бранскай вобласці Расіі) зарабілі пэўныя сумы грошай на будаўніцтве чыгункі, прадалі свае землі і пачалі адсяляцца на новыя свабодныя і ўрадлівыя землі.

Тут перасяленцы за свае грошы, а некаторыя і з дапамогай Сялянскага зямельнага крэдытнага банка, набылі сабе ў мясцовага пана зямлю і пачалі яе асвойваць. Дружна сяліліся сем’ямі, большасць мела роднасныя сувязі, размяшчаліся кампактна, каб дапамагаць адзін аднаму. Мясцінай, якая іх прывабіла да сябе, было ўрочышча Бурыцкае на ўскрайку Амелькаўскага лесу на Лоеўшчыне. Па меркаванні вядомага тапографа А.Ф. Рогалева, назва гэтага ўрочышча магла паходзіць ад назвы вёскі Буркі Брагінскага раёна, жыхары якой яшчэ да сярэдзіны ХІХ стагоддзя пачалі асвойваць гэтую мясцовасць. Перасяленцы з вёскі Вышкаў склалі новую вёску, якую назвалі Вышкаў Бурыцкая, перасяленцы са Старой Рудні заснавалі вёску Рудню Бурыцкую, а з Белага Калодзежа — новую вёску і таксама Белы Калодзеж. Гэтых людзей не прываблівалі гарадскія ўмовы жыцця і працы, наадварот, ментальна і па ўкладу свайго жыцця яны былі хлебаробамі і бычылі свой лёс у працы на сваёй уласнай гаспадарцы. Самаадданай працай яны пабудавалі сабе хаты і гаспадарчыя памяшканні і пачалі разжывацца на новай зямлі. Са свайго папярэдняга месца жыхарства перасяленцы прынеслі традыцыю і даты прыстольных святаў. Жыхары Вышкаў Бурыцкай штогод ладзілі свята сваёй вёскі 7 студзеня на Раство, Рудня Бурыцкай — 28 жніўня, на свята Успення Прасвятой Багародзіцы, Белага Калодзежа — 21 верасня, на свята Раства Прасвятой Багародзіцы.
Паводле перапісу 1897 года вёскі Рудня Бурыцкая і Вышкаў Бурыцкая адносіліся да Холмецкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні і налічвалі адпаведна 38 і 11 двароў, 209 і 75 жыхароў.
Аб тым, што ў глыбокай старажытнасці тут таксама жылі людзі, сведчыць гарадзiшча ранняга жалезнага веку, размешчанае між балот на адлегласцi 1,5 км ад вёскі ва ўрочышчы Гарадок. Гарадзішча ўяўляе сабой абвалаваную пляцоўку прамавугольнай формы. Яго абследавалi беларускія археолагі ў 1930 годзе — I.Х. Юшчанка, у 1964 годзе — Л.Д. Побаль, але грунтоўных даследаванняў гарадзішча не праводзілася.
На пачатку ХХ стагоддзя ў Рудні Бурыцкай Рэчыцкага павета адкрыта народнае вучылішча, у якім навучаліся 37 вучняў, адным з першых настаўнікаў была Марыя Марозава. У 1908 годзе ў Белым Калодзежы налічвалася 16 двароў і 217 жыхароў, у Рудні Бурыцкай — 55 гаспадарак, 423 жыхары, у Вышкаў Бурыцкай — 32 двары і 237 жыхароў. У Рудні Бурыцкай была пабудавана царква, якая адносілася да Новабарсукоўскага царкоўнага прыходу.
Паводле перапісу 1926 года Рудня Бурыцкая — сяло, 92 гаспадаркі, 492 жыхары, дзейнічалі 2 кузні, воўначасальня (уладальнік Дз.С. Бронаў), смалакурня (уладальнік І.Г. Валодзькін), бачарная і сталярная майстэрні, шавец і кравец на даму.
У 1926 годзе вёска Рудня Бурыцкая стала цэнтрам Бурыцкаруднянскага сельсавета Холмецкага раёна, са жніўня 1927 года — Лоеўскага раёна. У снежні 1927 года Бурыцкаруднянскі сельсавет быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя і вёскі па студзень 1964 года ўваходзілі ў склад Хаткаўскага сельсавета, з 29 студзеня 1964 года па снежань 1981 года — у Новабаршчоўскі сельсавет, зараз адносіцца да Малінаўскага сельсавета. Паводле перапісу ў Белым Калодзежы ў 1926 годзе налічвалася 28 гаспадарак, пражывалі 133 жыхары, працавалі аўчынная і сталярная майстэрні, у Вышкаў Бурыцкай — 40 двароў і больш 200 жыхароў. У Рудні Бурыцкай тады працавала аднакамплектная школа 1-й ступені з 3 гадамі навучання, у якой навучаліся 65 вучняў і працавала настаўніца і загадчыца А.І. Мельнікава. Пры школе быў створаны драматычны гурток у складзе 26 вучняў. У 1927 годзе ў вёсцы Рудня Бурыцкая дзейнічала меліярацыйнае таварыства.
У 1930 годзе ў Белым Калодзежы налічвалася 28 двароў і больш 150 жыхароў, у Рудні Бурыцкай — 89 двароў і 347 жыхароў, у Вышкаў Бурыцкай — 46 двароў і 240 жыхароў.
У 1930 годзе быў створаны калгас “Чырвонаармеец”, цэнтрам якога стала вёска Белы Калодзеж. Калектывізацыя суправаджалася жорсткім уціскам сялян-аднаасобнікаў. У 1929-1930 гадах у Хаткаўскім сельсавеце былі абкладзены кабальным сельгаспадаткам 15 сялянскіх гаспадарак. Па стану на май 1930 года па Хаткаўскаму сельсавету раскулачаны 10 сем’яў, а на 1 ліпеня 1933 года былі пазбаўлены выбарчых правоў 8 чалавек. Сярод раскулачаных і высланых за межы Беларусі ў Белым Калодзежы — Кандрат Гарбуз, Іван Гарбуз, Аляксей Гарбуз, Пётр Маскаленка і Іван Маскаленка, у Рудні Бурыцкай — Іван Вяракса, Ілля Гарэлаў, Павел Шамела, Пятро Шамела, Еўдакім Шаўчурка і іншыя.
На пачатку 1941 года вёскі Белы Калодзеж, Рудня Бурыцкая і Вышкаў Бурыцкае ўвайшлі ў склад калгаса імя Лазара Кагановіча, цэнтрам гаспадаркі з’яўлялася Рудня Бурыцкая.
Перад Вялікай Айчыннай вайной у Белым Калодзежы налічвалася 20 двароў і пражывалі 74 жыхары, у Вышкаў Бурыцкай адпаведна 52 і 189, у Рудня Бурыцкай — 88 і 318. Падчас вайны ў навакольных Амелькаўскіх лясах дыслакаваўся Лоеўскі партызанскі атрад (з ліпеня 1943 года — брыгада) “За Радзіму”. Ва ўшанаванне памяці аб іх гераічнай дзейнасці на месцы адной з часовых стаянак партызан ва ўрочышчы Зялёны востраў устаноўлена стэла. У чэрвені 1943 г. нямецка-фашысцкія акупанты спалілі гэтыя тры вёскі. Падчас акупацыі ворагі загубілі 45 мірных жыхароў.
21 лістапада 1943 года Белы Калодзеж, Рудня і Вышкаў Бурыцкая былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З франтоў Вялікай Айчыннай вайны не вярнуліся ў Белы Калодзеж 8 чалавек, у Вышкаў Бурыцкую — 5, у Рудня Бурыцкую — 26 жыхароў. У 1958 годзе ў цэнтры вескi Рудня Бурыцкая быў устаноўлены помнiк воiнам-землякам, загiнуўшым у часы Вялiкай Айчыннай вайны.
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў адноўлены калгас імя Кагановіча. У ліпені 1957 года гэты калгас стаў насіць імя Калініна. Тады яго ўзначальваў Міхаіл Якаўлевіч Магідзін.
Па стану на 1959 год у Белым Калодзежы пражывалі 73 жыхары, у Вышкаў Бурыцкай — 128, у Рудні Бурыцкай — 357. У 1960-1970 гады старшынёй калгаса імя Калініна працаваў Аляксей Пятровіч Пяшкун, які шмат зрабіў для развіцця гэтай гаспадаркі і быў узнагароджаны ў 1973 годзе ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года вёскі Белы Калодзеж, Рудня Бурыцкая і Вышкаў Бурыцкая патрапілі пад радыяцыйнае забруджванне і былі аднесены да катэгорыі населеных пунктаў з правам на адсяленне.
Паводле перапісу насельніцтва 1999 года ў вёсцы Рудня Бурыцкая налічвалася 68 гаспадарак і пражывалі 182 жыхары, з іх 89 мужчын і 93 жанчыны, існавала будынкі праўлення калгаса імя Калініна, базавай школы, крама, сельскі клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка. У вёсцы Белы Калодзеж існавалі 12 гаспадарак і пражывалі 28 жыхароў, у Вышкаў Бурыцкай — 2 падворкі і 4 жыхары.
У 2003 г. калгас імя Калініна пачаў называцца СВК “Бурыцкае”, з сакавіка 2008 года — КСУП “Бурыцкае”, але ўжо ў канцы гэтага года землі і маёмасць КСУП “Бурыцкае” былі перададзены суседняй гаспадарцы КСУП “Малінаўка-Агра”.
Сёння ў вёсцы пражывае 79 чалавек, у тым ліку 17 дзяцей.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK