Унеслі ўклад у будучыню

Рэспубліканская акцыя “Адновім лясы разам!” аб’яднала ў свае шэрагі ўсіх, хто імкнецца ўнесці пасільны ўклад у прымнажэнне галоўных багаццяў Беларусі.

Значнасць запланаванай працы нікому не давялося тлумачыць. Сярод тых, каму неабыякавыя будучыня і прыгажосць нашага краю, былі прадстаўнікі раённай вертыкалі, дэпутацкі корпус раёна, актывісты грамадскіх аб’яднанняў і маладзёжнага савета рэгіёна.

Нягледзячы на тое, што ў гэты дзень у лесе сабраліся дарослыя і самастойныя людзі, перад пачаткам работ быў праведзены інструктаж па пытаннях бяспекі і правілам аховы працы. Пачынаючым лесаводам вопытныя спецыялісты паказалі, як правільна садзіць саджанцы, а тыя, каму пасадка дрэў не ў навінку, адразу прыступілі да працы, узброіўшыся мячамі, вельмі падобнымі на вострыя металічныя штыкі.

Тэхналогія быццам бы і простая, але працаёмкая. Ні ў каго нават думкі не ўзнікла пра ляноту ці пра адпачынак. Глебу і саджанцы лесаводы падрыхтавалі загадзя. Амаль паўсотні чалавек высадзілі такія лясныя культуры, як хвоя і бяроза.

Дзялянка крыху больш за 2,5 гектараў стане змешаным лесам: такі сімбіёз раслін дапаможа дрэвам менш хварэць і стрымліваць пажары.

Пройдуць дзясяткі гадоў, і саджанцы, укаранёныя ў зямлю гэтай восенню, стануць вялікімі дрэвамі. Атрымліваць асалоду ад водара ігліцы, прыехаўшы сюды за грыбамі, будуць ужо нашы дзеці са сваімі сем’ямі. Вялікая справа некалькіх дзён стане добрай традыцыяй.

Хочацца верыць, што такія мерапрыемствы дапамогуць многім зразумець, што да прыроды трэба ставіцца больш беражліва і паважаць працу работнікаў лясной гаспадаркі, галоўная задача якіх — гадаваць і ахоўваць лес для будучых пакаленняў, а не збіраць смецце, пакінутае адпачывальнікамі.

Добавить комментарий