80 гадоў таму ў Лоеве адбыўся першы партызанскі парад

У час нямецкай акупацыі тэрыторыя Беларусі нярэдка станавілася месцам сумеснай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі беларускіх, рускіх і украінскіх партызан. Надзвычай важнай вехай у гісторыі партызанскай барацьбы стаўся рэйд па загаду Цэнтральнага штаба двух вялікіх партызанскіх злучэнняў пад камандаваннем С.А. Каўпака і А.Н. Сабурава, падчас якога 7 лістапада 1942 года партызаны пераправіліся з Украіны на правы бераг Дняпра і на некалькі дзён вызвалілі Лоеў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А 8 лістапада правялі на цэнтральнай плошчы першы на беларускай зямлі парад партызанскага вызвалення.

Яшчэ за дзень да гэтай падзеі лаяўчане чулі гул стральбы і разрывы артылерыйскіх снарадаў. Па мястэчку распаўсюдзіліся чуткі, што Чырвоная Армія прарвала фронт і наступае. Да вечара гул узмацніўся. У Лоеў сталі перапраўляцца немцы і паліцэйскія з Чарнігаўшчыны. Яны мітусліва перамяшчаліся па мястэчку, імкнучыся прывесці ў баявую гатоўнасць мясцовую жандармерыю і паліцыю, а затым у спешным парадку выехалі ў бок Рэчыцы, пакінуўшы ў Лоеве некалькі сваіх паліцэйскіх. Такія іх паводзіны тлумачыліся тым, што партызанам удалося падмануць праціўніка. Выйшаўшы 6 лістапада на шашэйную дарогу Чарнігаў — Гомель, батальёны Каўпака і Сабурава павярнулі па шашы ў напрамку Гомеля. Немцы ў адказ сталі сцягваць дадатковыя сілы з Рэчыцы і іншых раёнаў для абароны Гомеля.

Партызаны ж, увёўшы ворага ў зман, ноччу змянілі маршрут і праз украінскія вёскі Ярылавічы, Клубаўку, Суслаўку выйшлі да Дняпра на пераправу насупраць Лоева. 38 гадзін перапраўляліся яны на двух паромах і лодках. Успамінае былы партызан злучэння Сабурава лаяўчанін У.В. Пінчук: «Як толькі ўсё сціхла, я выйшаў з хаты. Па вуліцы ехаў чалавек на кані. Ён быў у папасе з чырвонай стужачкай і спытаўшы, ці не беглі тут паліцэйскія, паспяшаўся далей. Я глядзеў яму ўслед і адчуваў пачуццё велізарнай радасці ад таго, што ўбачыў сапраўднага партызана. Неўзабаве мы з сябрам былі каля пераправы. Тут працаваў паром, перапраўляліся на лодках. На беразе гарэлі вогнішчы, каля іх сядзелі людзі, апранутыя хто ў што: у шынялях, паўкажушках. А з боку ўкраінскай вёскі Суслаўкі ўсё ішлі і ішлі калоны да пераправы і, здавалася, ім не будзе канца».

 

Аляксандр Мікалаевіч Сабураў — савецкі военачальнік, генерал-маёр (1943), Герой Савецкага Саюза (1942). Нарадзіўся ў вёсцы Ярушкі Сарапульскага павета Вяцкай губерні. Рускі.

 

 

 

З Чарнігава супраць партызан быў кінуты полк чэхаў, але іх спроба перашкодзіць пераправе не мела поспеху. Практычна без страт яны пераправіліся і вызвалілі мястэчка, а таксама 45 смяротнікаў з нямецкіх засценкаў. На пажарнай каланчы ў цэнтры Лоева быў узняты чырвоны сцяг. Народныя мсціўцы раздалі насельніцтву захопленыя ў гітлераўцаў прадукты харчавання.

Незабыўным для лаяўчан сталіся мітынг і партызанскі парад, які адбыўся ў Лоеве 8 лістапада 1942 года. Вось як успамінае аб гэтай падзеі былы камандзір палка каўпакаўскага злучэння П.Е. Брайко: «За ноч была збудаваная і ўсталяваная на цэнтральнай плошчы ў Лоеве трыбуна. Разведчыкі прыцягнулі сюды магутны трафейны радыёпрыёмнік «Телефункен», наладзілі яго на Маскоўскую хвалю. У 10 гадзін камандуючы парадам лейтэнант Гаркуноў далажыў аб гатоўнасці батальёнаў да параду. Пад гукі маскоўскага зводнага аркестра і трафейных акардэонаў паўз трыбуну, на якой стаялі Каўпак, Сабураў, камісар каўпакаўцаў Руднеў, чаканячы крок, праходзілі партызанскія роты. Прайшоўшы па плошчы, яны зварочвалі направа і абышоўшы плошчу бакавымі вулачкамі, зноў прыстрайваваліся ў хвост партызанскай калоны і занава працягвалі шэсце ў маршы. Уся плошча была запоўненая мясцовым насельніцтвам. Людзі радаваліся, многія не маглі стрымаць слёз. Так партызанскія роты маршыравалі больш чым дзве гадзіны».

З першых дзён знаходжання на беларускай зямлі кіраўніцтва партызанскіх злучэнняў устанавіла кантакты з партызанамі Гомельшчыны. 10 лістапада 1942 года ў вёсцы Міхалёўка адбылася сустрэча Каўпака і Сабурава з камандаваннем партызан Гомельшчыны І.П. Кожарам, Е.І. Барыкіным і Р.І. Сіняковым Лоеўскаму партызанскаму атраду “За Радзіму” была перададзена частка трафейнай зброі, захопленай каўпакаўцамі і сабураўцамі: станкавы і ручны кулямёты, процітанкавае ружжо, мінамёт з запасам мін, тры аўтаматы, два дзясяткі вінтовак, некалькі скрынь з патронамі і, самае галоўнае, рацыя.

Вызваленне Лоева, хаця і на непрацяглы час, першы мітынг і парад партызан на беларускай зямлі — цяжка пераацаніць значэнне гэтых падзей для жыхароў у тыя дні. Для людзей, якія напакутаваліся ў фашысцкай няволі, гэта было як глыток свежага паветра і свабоды, як прамень святла ў непрагляднай начы гітлераўскай акупацыі. Нашы землякі нібыта вярнуліся на нейкі час да ранейшага, даваеннага жыцця. Яны акрыялі духам, умацавалася іх вера ў канчатковае вызваленне, у немінучы разгром ворага. Гэтыя падзеі садзейнічалі актывізацыі дзейнасці і лоеўскіх партызан. У ноч на 16 лістапада 1942 года рота байцоў Лоеўскага атрада пад камандаваннем Р.І. Сінякова разам з сабураўцамі здзейснілі смелы налёт на буйны нямецкі гарнізон у Хойніках. Бой доўжыўся 14 гадзін. Быў знішчаны гарнізон колькасцю да 350 чалавек, падарвана вадакачка, вызвалены каля 200 палонных. Другая рота Лоеўскага атрада разам з каўпакаўцамі ўдзельнічала ў разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы Дземяхі каля Рэчыцы.

 

 

 

Сідар Арцёмавіч Каўпак — савецкі ваеначальнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч – быў адной з самых яркіх асоб у гісторыі партызанскага руху. Двойчы Герой Савецкага Саюза (1942, 1944), генерал-маёр  (1943). Украінец.

 

 

 

 

Каўпакаўцы і сабураўцы працягвалі свой рэйд па беларускай зямлі, які пачаўся ў Лоеве. Магутнай хваляй рухаліся яны па Палессі, змятаючы на сваім шляху гітлераўскія гарнізоны, руйнуючы камунікацыі ворага. Іх суправаджала народная пагалоска, якая ішла па Беларусі ад аднаго населенага пункта да другога, аб тым, што ў тыл ворага прарвалася шматтысячнае вайсковае злучэнне. Людзі расказвалі адзін аднаму, як 40 або нават 50 тысяч салдат Чырвонай Арміі перапраўляліся праз Дняпро ў раёне Лоева ў суправаджэнні танкаў, артылерыі, авіяцыі. Хаця, насамрэч, партызанскія злучэнні налічвалі ў сваіх радах толькі каля трох тысяч байцоў.

У тыя лістападаўскія дні 1942 года некалькі дзясяткаў маладых юнакоў і мужчын з Лоева і раёна ўліліся ў шэрагі каўпакаўцаў і сабураўцаў. Адважна змагаліся з ворагам у атрадах гэтых злучэнняў нашы землякі: Дзмітрый Байдак, Васіль Байдак, Дзмітрый Казека, Фёдар Касцючэнка, Надзея Мельнічэнка, Міхаіл Кукса, Фёдар Нікіценка, Максім Ніцко, Уладзімір Пінчук, Міхаіл Плюшч, Уладзімір Прышчэп, Сяргей і Аляксей Регілі, Сцяпан Сямуткін, Дзмітрый Чапега і іншыя. Яны былі разведчыкамі, кулямётчыкамі, падрыўнікамі. Многія заставаліся ў шэрагах партызан аж да іх злучэння з Чырвонай Арміяй. Уражэнец вёскі Пярэдзелка Аляксандр Саманчук быў камандзірам узвода ў партызанскім атрадзе Каўпака. Загінуў у сакавіку 1943 года ў баі, і пахаваны ў брацкай магіле ў Кіеўскай вобласці. Лявон Карась, ураджэнец вёскі Пустая Града, быў удзельнікам карпацкага рэйду Каўпака, загінуў у баі з фашыстамі ў Карпатах. Цікава, здаралася што вайна разводзіла членаў адной сям’і па розныя бакі барацьбы. Так брат лоеўскага паліцая Івана Зайца, Фёдар, пайшоў у партызанскі атрад Каўпака і адважна ваяваў з гітлераўцамі.

Баявыя заслугі нашых землякоў у партызанскім руху былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Ураджэнец Лоева Міхаіл Іванавіч Плюшч служыў перад вайной танкістам у Львове. У першыя дні вайны яму давялося адступаць ад заходняй мяжы да Данбаса. Быў паранены, трапіў у палон, змог адтуль збегчы, вярнуўся ў Лоеў. У лістападзе 1942 года ўступіў у злучэнне Сабурава, узначальваў групу падрыўнікоў. Па водгуках баявых таварышаў, ён выдзяляўся незвычайнай адвагай, вялікім майстэрствам у падрыўной справе. Яго пасылалі на самыя важныя і адказныя заданні. Слава аб дыверсіях, якія наш зямляк ладзіў са сваёй групай на чыгунках, хадзіла па ўсім злучэнні. За час баявых дзеянняў у складзе злучэння наш зямляк пусціў пад адхон 10 варожых эшалонаў асабіста і каля 30 — у групах. Ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені і медалямі.

Памяць аб знакамітым рэйдзе Каўпака і Сабурава праз тэрыторыю нашага раёна ў лістападзе 1942 года, аб земляках, якія па-геройску змагаліся з ворагам у партызанах, пэўным чынам увекавечана ў Лоеве. У Музеі бітвы за Дняпро ёсць стэнд, прысвечаны гэтым падзеям і людзям. У экспазіцыі дэманструецца шалік С.А. Каўпака, фатаздымкі партызан-удзельнікаў пераправы праз Дняпро.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK