Слаўны сын лоеўскай зямлі

Дзмітрый Марозаў нарадзіўся 13 лістапада 1912 г. у вёсцы Казіміраўка Холмецкай воласці Рэчыцкага павета (зараз — Лоеўскі раён). Рана застаўся без бацькі. У яго маці на той час на руках было 5 дзяцей, таму яго, як самага малодшага, аддалі ў дзіцячы дом. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Гомельскі фінансава-эканамічны тэхнікум, які скончыў у 1932 г. Потым жыў і працаваў у Віцебскай вобласці, адкуль быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію ў пагранічныя войскі, і з тых часоў звязаў свой лёс з вайсковай службай, якой ён аддаў амаль 25 гадоў. Дзеля яе скончыў Маскоўскае ваеннае вучылішча. Займаў пасады у Забайкальскай вайсковай акрузе, камандаваў кулямётнай ротай, узначальваў палкавую школу, служыў памочнікам начальніка штаба палка па разведцы. У канцы 1930-х гадоў, калі сур’ёзна абвастрыліся адносіны СССР і Японіі на Далёкім Усходзе, наш зямляк удзельнічаў у баях на возеры Хасан. А ў 1939 г., калі пачалася савецка-фінская вайна, Дзмітрый Кузьміч зноў на пярэдніх рубяжах: удзельнічае ў баях, набывае ваенны вопыт. За ўзяцце важнага вузла абароны праціўніка і праяўлены гераізм камандаванне прадставіла яго да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга. Аднак у баях пад Выбаргам Дзмітрый Марозаў быў цяжка паранены і апынуўся ў шпіталі. Прайшоўшы лячэнне, вярнуўся ў свой полк у Забайкаллі. Пасля нападу гітлераўскай Германіі ён быў накіраваны на кароткачасовыя курсы палкавых камандзіраў.

Са жніўня 1941 г. Д.К. Марозаў — на франтах Вялікай Айчыннай вайны (на Паўночна-Заходнім, Заходнім, Беларускім франтах). На чале 850-га палка 277-й стралковай дывізіі 5-й арміі 3-га Беларускага фронту наш зямляк прыняў удзел у Ржэўскай бітве. За праяўленую доблесць яго полк стаў Чырванасцяжным і быў узнагароджаны ордэнамі Суворава і Аляксандра Неўскага. Затым лёс даў яму магчымасць удзельнічаць у вызваленні роднай беларускай зямлі. Падчас аперацыі “Баграціён” у чэрвені 1944 г. полк Дзмітрыя Марозава дзейнічаў на галоўным накірунку наступлення савецкіх войск пад Віцебскам, які вораг ператварыў у моцны вузел абароны. Па наказу Гітлера ён павінен быў абараняцца любым спосабам, быццам бы гэта былі межы самой Германіі. Падчас прарыву абароны праціўніка на паўднёвы ўсход ад Віцебска 850-ы полк захапіў умацаваны пункт Буракі на заходнім беразе ракі Сухадроўка, фарсіраваць якую камандзір вырашыў ноччу, без стрэлаў. Першымі пераправіліся разведчыкі і “знялі часавых”. Захапіць стратэгічны плацдарм удалося да раніцы. Гэтыя падзеі паспрыялі развіццю наступлення савецкіх войскаў. У ліпені 1944 г. полк Дзмітрыя Марозава сумесна з партызанамі з брыгады імя Варашылава вызвалілі горад Мядзель, паспяхова дзейнічаў пры пераправе праз рэкі Лучоса, Беразіна, Вілія і Нёман. Далей франтавыя дарогі земляка праходзілі праз Прыбалтыку, дзе яго полк прымаў удзел у вызваленні Вільнюса і Каўнаса. У жніўні 850-ы полк выйшаў да мяжы з Усходняй Прусіяй, нанёсшы суперніку вялікія страты. Неўзабаве савецкія войскі перайшлі граніцу і распачалі наступленне на Кёнігсберг і Пілау. Яны фарсіравалі раку Шашупі і паспрабавалі замацавацца на захопленым плацдарме. У адказ вораг ажыццявіў моцную контрактаку, некалькі дзясяткаў нямецкіх танкаў пры падтрымцы значных сілы мотапяхоты прарвалі фронт. Склалася небяспечная сітуацыя. Аднак на шляху праціўніка сталі “марозаўцы”. Варожая групоўка была акружана імі і разбіта. За гэты бой, мужнасць і гераізм палкоўнік Дзмітрый Кузьміч Марозаў 24 сакавіка 1945 г. быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.

Як бачым, баявы шлях ураджэнца Лоеўшчыны, які пачаўся ў канцы 1930-х гадоў на Далёкім Усходзе, там жа і скончыўся. Пасля разгрому гітлераўцаў яго полк прымаў удзел у разгроме Квантунскай арміі Японіі ў складзе 1-га Далёкаўсходняга фронту. Усе свае лепшыя якасці, вопыт ён тут выдатна праявіў. Савецкім войскам давялося весці баявыя дзеянні супраць японцаў у маньчжурскай гарыстай мясцовасці, пакрытай густым лесам, дзе практычна адсутнічалі дарогі. Нягледзячы на умовы, полк Марозава дзейнічаў на галоўным накірунку наступлення тэмпамі, апераджаючымі іншыя вайсковыя часткі. Пры фарсіраванні шырокай і глыбокай ракі Мунаньдзян палкоўнік Марозаў зноў прадэманстраваў свае выдатныя якасці камандзіра і уменне дзейнічаць рашуча і з разумнай рызыкай, за што і атрымаў ордэн Аляксандра Неўскага. Раненні, цяжкая кантузія яго не стрымлівалі, кожны раз ён вяртаўся ў строй, на перадавую. З усталяваннем міру Дзмітрый Кузьміч не толькі застаўся на ваеннай службе, але і нават скончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе. У 1956 г. у званні палкоўніка быў звольнены ў запас па стане здароўя. За гады службы ў арміі ён быў таксама ўзнагароджаны чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі. Пасля выхаду ў адстаўку палкоўнік жыў у Крыме, працаваў начальнікам аўтавакзала ў г. Феадосія. Вялікую ўвагу ўдзяляў ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Яго часта запрашалі ў школы, дзе ён дзяліўся ўспамінамі пра вайну, кіраваў гарадской ваенна-патрыятычнай гульнёй “Зарніца”. Да яго з павагай ставіліся мясцовыя жыхары. Памёр Дзмітрый Кузьміч 20 студзеня 1981 г. У Беларусі ў яго гонар названая адна з вуліц горада Мядзеля Мінскай вобласці, а ў 2015 г. на Алеі Герояў у Лоеве гераічнаму земляку быў узведзены мемарыял.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK