15 студзеня Гомельская вобласць адзначыць юбілей — 85-годдзе. Гэта добрая нагода ўспомніць яе гісторыю, дасягненні і знакамітыя імёны роднай зямлі. Напярэдадні значнай даты мы пачынаем цыкл тэматычных публікацый.
Згодна са звесткамі археалагічных раскопак, менавіта з Гомельскай вобласці пачынаецца гісторыя засялення беларускіх зямель. У вёсках Юравічы і Бердыж былі знойдзены першыя стаянкі старажытных людзей. Падобныя помнікі эпохі палеаліту захаваліся на тэрыторыі Беларусі толькі ў Гомельскай вобласці.
Напэўна, многія нашы чытачы яшчэ з урокаў гісторыі памятаюць, што ў старадаўнія часы менавіта ў гэтай мясцовасці рассяліліся плямёны ўсходніх славян — радзімічы.
Гомель (стар. назва — Гомій) упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах аж у 1142 годзе.
На працягу свайго існавання гомельскія землі некалькі разоў мянялі палітычных уладальнікаў. У пачатку XIV стагоддзя тэрыторыі адышлі Вялікаму княству Літоўскаму, потым — Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне XVIII стагоддзя, пасля першага і другога падзелу Рэчы Паспалітай, Гомельшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі.
Пасля грамадзянскай вайны Гомельская губернія, утвораная ў красавіку 1919 г., у якую ўваходзіла 14 паветаў, знаходзілася ў складзе РСФСР.
6 снежня 1926 года пастановай Прэзідыума УЦВК Гомельская губернія была скасавана ў выніку далучэння яе тэрыторыі да Беларускай ССР і адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення на акругі і раёны. У 1924-1938 гадах сучасная тэрыторыя вобласці знаходзілася ў межах Бабруйскага, Гомельскага, Мазырскага і Рэчыцкага акругоў.
85 гадоў таму адбылася I сесія Вярхоўнага Савета СССР I сазыва, па выніках якой 15 студзеня 1938 года былі зацверджаны 5 абласцей Беларускай ССР: Віцебская, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Палеская і іх афіцыйныя межы.
15 студзеня 1938 года Пастановай Урада СССР была створана Гомельская вобласць.
Гомельская вобласць уключала 14 раёнаў: Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Жлобінскі, Журавіцкі, Кармянскі, Лоеўскі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Свяцілавіцкі, Церахоўскі, Уваравіцкі, Чачэрскі. У 1939 г. быў утвораны Стрэшынскі раён. 8 студзеня 1954 г. да Гомельскай вобласці былі далучаны Палеская вобласць, Акцябрскі і Парыцкія раёны Бабруйскай вобласці, якая існавала ў пасляваенны перыяд.
У гады Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя Гомельшчыны была адным з найважнейшых ачагоў партызанскага руху Беларусі.
Усяго супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў вялі барацьбу 29 партызанскіх брыгад, якія аб’ядноўвалі 117 атрадаў і 10 атрадаў асаблівага прызначэння, у іх налічвалася звыш 50 тысяч чалавек.
Жыхары Гомельскай вобласці дастойна вытрымалі выпрабаванні, якія выпалі на іх долю і ў мірны час. Чарнобыльская трагедыя, якая нанесла вялікія страты народнай гаспадарцы і параніла людзей у самае сэрца, не зламала іх, не спустошыла духоўна. Мы не толькі справіліся з чарнобыльскім шокам, але і змаглі мабілізаваць сілы і рэсурсы на мінімізацыю сацыяльных і эканамічных наступстваў радыяцыйнага заражэння.
Сучасная Гомельшчына — найбуйнейшы рэгіён рэспублікі, які валодае вялікімі прыроднымі, эканамічнымі і інтэлектуальнымі рэсурсамі. Насельніцтва Гомельскай вобласці налічвае каля паўтара мільёна чалавек. У эканоміцы занята больш за 573 тысячы яе жыхароў.
Зараз тэрыторыя вобласці складае 40,4 тыс. км² — гэта пятая частка ўсёй сучаснай Беларусі.
Вобласць мяжуе з Брэстчынай, Міншчынай, Магілёўшчынай, а таксама абласцямі Расіі і Украіны. З захаду на усход Гомельская вобласць прасціраецца на 294 км, а з поўначы на поўдзень — на 240 км. Найбольш буйныя судаходныя рэкі рэгіёну — Дняпро, Сож, Бярэзіна, Прыпяць. Існуе штучнаствораная плотная сетка меліяратыўных каналаў, налічваецца мноства азёр.
Самае буйное возера ў Гомельскай вобласці Чырвонае (яго плошча — 43,6 км²), яно з’яўляецца чацвёртым у краіне па плошчы, пасля Нарачы, Асвейскага і Дрысвят.
Балоты займаюць толькі 4% тэрыторыі Гомельшчыны, яны пераважна нізінныя і высушаныя, а вось лясамі пакрыта 49%, пры гэтым на поўдні і захадзе вобласці лясістасць значна большая, напрыклад, у Лельчыцкім раёне звыш 60%. Агульная плошча зямель складае 4038,2 тыс. гектараў, у тым ліку пад сельскую гаспадарку адведзена 1270 тыс. га. Пахатныя землі займаюць 69%, сенакосы і пашы — 30%.
У цэлым рэгіён мае дастаткова спрыяльныя прыродныя ўмовы для развіцця ўсіх сфер жыццядзейнасці чалавека.