Рыгор Іванавіч Сінякоў з’яўляецца, бадай што, толькі адзіным з галоўных кіраўнікоў Лоеўскага раёна, хто здолеў пакінуць аб сабе сярод насельніцтва Лоеўшчыны цалкам станоўчую памяць, якая адлюстравалася таксама ў таманіміцы гарпасёлка. І гэта ўяўляецца не выпадковым, калі ведаць і ўлічваць яго станоўчыя чалавечыя якасці і тую ролю, якую ён абраў для сябе, узначаліўшы рэгіён супраць ворагу падчас нямецка-фашысцкай акупацыі і ў часы аднаўлення эканомікі раёна.
Рыгор Сінякоў нарадзіўся 6 мая 1903 года ў засценку Латыгаўка Зарэчна-Талачынскай воласці Сенненскага ўезда Магілёўскай губерні ў серадняцкай сялянскай сям’і, якая мела 12 гектараў зямлі. Пасля смерці бацькі, а затым маці, Рыгор вымушаны быў наймацца на працу ў якасці батрака ў сем’і заможных сялян. Летам працаваў батраком, а ўзімку наведваў мясцовую школу. У 1929 г., як чалавек, які здольны запісваць ход судовага працэсу, ён быў прыняты на працу ў якасці сакратара Талачынскага раённага народнага суда Аршанскай акругі. У 1931 г. быў прыняты ў рады КП(б)Б, а ўжо ў 1932 г. працаваў суддзём райсуда Лоеўскага раёна Гомельскай акругі. З 1938 г. прызначаны на пасаду трэцяга сакратара Лоеўскага райкама КП(б)Б. У 1939 г. завочна скончыў Мінскі юрыдычны інстытут. З 1940 г. і напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны працаваў на пасадзе другога сакратара Лоеўскага райкама КП(б)Б. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі раёна, па рэкамендацыі вышэйшых партыйных органаў, застаўся на акупанаванай ворагам тэрыторыі ў якасці аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Гомельшчыне. Патрэбна адзначыць, што на Лоеўшчыне практычна ўсё кіраўніцтва раёна, за выключэннем старшыні райвыканкама З. Сурпіна і сакратара П. Кацуба, узялі зброю, выправіліся ў лес і вялі партызанскую барацьбу з ворагам.
Р. Сінякоў станоўча праявіў сябе на пасадзе камісара, затым камандзіра Лоеўскага партызанскага атрада. Да пачатку ліпеня 1943 г. партызанскі атрад “За Радзіму” вырас да 800 чалавек, што адмоўна адбівалася на яго манеўранасці і магчымасці кіравання ім. У сувязі з гэтым 10 ліпеня атрад быў пераўтвораны ў партызанскую брыгаду, якая складалася з 3 атрадаў: “За Радзіму”, імя Сталіна, імя Молатава. Камандзірам Лоеўскай партызанскай брыгады “За Радзіму” быў прызначаны Р.І. Сінякоў, камісарам С.А. Гардзееў.
Рыгор Сінякоў да гэтага часу ўжо праявіў сябе як здольны арганізатар партызанскага руху. Ён меў выдатныя асабістыя якасці партызанскага камандзіра, добра валодаў стратэгіяй і тактыкай партызанскай барацьбы, быў справядлівым і патрабавальным да сябе і сваіх падначаленых, сваім прыкладам, смеласцю і адвагай умеў павесці за сабой байцоў. За гэтыя і іншыя якасці Сінякоў карыстаўся вялікім даверам і павагай партызан і мясцовага насельніцтва. Вось як характарызаваў свайго камандзіра былы начштаба атрада А. Пеклін: ”За шматгадовую службу ў Чырвонай Арміі, я сустракаў камандзіраў суворых, патрабавальных і, адначасова, добрых. Але рэдка сустракаў такіх, якім быў наш камандзір Р. І. Сінякоў. Ён быў бацькам і душой нашай брыгады. Нават у самай складанай сітуацыі я ніколі не заўважаў, каб ён нерваваўся, гарачыўся, павышаў голас. Ён заўсёды быў спакойны, прамаўляў ціха, але пераканаўча. Ніколі не злаўжываў аказаным яму высокім даверам, быў простым, добрым душой і сэрцам чалавекам, нецярпімым да няшчырасці. Заўсёды мог пастаяць за гонар камандзіра і байца. За гэта яго любілі і паважалі партызаны”. Цікава, што і сам Сінякоў у сваіх успамінах з вялікай удзячнасцю выказваўся аб жыхарах Лоеўшчыны: “Народ тут вельмі добры. Людзі дзяліліся апошнім кавалачкам хлеба, давалі адзенне, падтрымлівалі з намі цесную сувязь, паведамлялі каштоўныя звесткі, нягледзечы на тое, што самі знаходзіліся ў большай небяспецы, чым партызаны. Мы ішлі ў лес, а яны заставаліся разам са сваімі сем’ямі ў вёсках сам-насам з ворагам.”
У лістападзе 1943 г. на момант злучэння з Чырвонай Арміяй, Лоеўская партызанская брыгада “За Радзіму” складалася з чатырох атрадаў і налічвала 1031 байцоў. Згодна афіцыйных справаздач, падчас акупацыі, лоеўскімі партызанамі было знішчана 27 паліцэйскіх участкаў, пушчана пад адхон 89 цягнікоў і 860 вагонаў з жывой сілай і тэхнікай, падарвана і разбурана 9590 метраў чыгуначнага палатна, захоплена ў ворага 371 адзінка баявой зброі, забіта 944 нямецкіх афіцэраў, салдатаў і паліцэйскіх, і гэта далёка не поўны пералік нанесеных ворагу страт. Многія падначаленыя камандзіра брыгады пасля вайны сцвярджалі, што Рыгор Іванавіч зрабіў такі вялікі ўклад у развіццё партызанскага руху на Гомельшчыне, за які павінен быў атрымаць званне Героя Савецкага Саюза, але быў узнагароджаны толькі ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-ай і 2-ой ступеняў і медалямі. (Званнем Героя Савецкага Саюза у 1944 годзе былі адзначаны камандзір Гомельскага партызанскага злучэння І.П. Кожар, які з пачатку акупацыі і да чэрвеня 1942 года знаходзіўся ў Лоеўскім атрадзе “За Радзіму”, і камісар злучэння Е.І. Барыкін).
Пасля вызвалення Лоеўшчыны былы камандзір партызанскай брыгады Р.І. Сінякоў быў абраны першым сакратаром Лоеўскага райкама КП(б)Б і ўзначаліў працу па аднаўленню разбуранай вайной эканомікі раёна. 19 ліпеня 1945 г. Р. Сінякоў быў пераведзены на пасаду начальніка ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама, дзе працаваў да 30 студзеня 1956 г. Потым, да самага выхаду ў 1963 г. на пенсію, працаваў на другіх пасадах у органах юстыцыі. 3 ліпеня 1966 г. ён прымаў удзел у мітынгу і ўрачыстым адкрыцці Манумента Славы ў гонар воінаў Савецкай Арміі і партызан у Лоеве. Тады ж адна з новых вуліц райцэнтра атрымала імя партызанскага камандзіра Р.І. Сінякова.
Памёр ён 29 сакавіка 1969 года на 66-м годзе жыцця і пахаваны ў Гомелі.