СІНСК —  ВЁСКА З ЦІКАВАЙ ГІСТОРЫЯЙ І ТРАГІЧНЫМ ЛЁСАМ

Сёння галоўнай адметнасцю Сінска з’яўляецца сажалка з востравам на яго сярэдзіне, што знаходзіцца ў цэнтры вёскi, якую мясцовыя жыхары  здаўна называлі “Кружок”. Здаецца, варта папоўніць сажалку вадой, запусціць азёрную рыбу, пабудаваць адмысловы масток на востраў і кемпінгі для пражывання турыстаў і ўзнікне цудоўнае месца для арганізацыі агратурызму, якое не лёгка будзе знайсцi ў іншых мясцінах.

Аб гэтым марыў на пачатку ХIХ стагоддзя і граф Юзаф Юдзіцкі, які доўгі час жыў у Лоеўскiм маёнтку i распачаў добраўпарадкаванне вадаёма пры дняпроўскім шляху, які вёў з Брагіна ў Лоеў. Цяжкай працай прыгонных сялян на месцы балотца  ў цэнтры вёскі была выкапана сажалка, на дне якой былі выяўлены 4 крыніцы з надзвычай чыстай з блакітам вадой. Сценкі крыніц былі ўмацаваны дубовымі зрубамі, у цэнтры вадаёма насыпаны востраў. Сапрапелі з дна сажалкі сяляне вывозілі на вазах і ўгнойвалі графскія палі. Яшчэ Юдзіцкі планаваў пабудаваць на востраве гасцінны двор з карчмой, але ў 1841 г. раптоўна памёр. Лоеўскi маёнтак перайшоў у спадчыну да дочак графа ад трэцяга шлюбу Iдалii i Сафii, якiя былi малалетнiмi. Праект застаўся незавершаным. Зараз толькi сажалка i засталася сведкам тых даўнiх задум графа.

Сучасная вёска Сінск гістарычна складаецца з двух частак: цэнтральная — размешчаная вакол Кружка, называецца “Сяло”, а паўночная — знаходзіцца бліжэй да лесу —  “Памеркі”. Верагодна, Памеркі ўзніклі ў Новы час на землях, якія да гэтага рэгулярна перамяраліся і пераразмяркоўваліся пад агароды сялянскай грамады.

Нядаўна, дзякуючы  працы беларускага гісторыка Віктара Цёмушава стала вядома яшчэ адна старонка з даўняй гісторыі вёскі Сінск, якая ў Сярэднія вякі мела назву Калодчычы. У архівах ён знайшоў прывілей выданы ў 1526 г. на  валоданне вёскай Калодчычы на Лоеўшчыне “жоне і детемъ его” князю Івану Рыгоравічу Сенскаму, які быў жанаты на Фене Сямёнаўне Полазавай,  дачцэ рэчыцкага старасты  ў 1519-1532 гг. Сямёна Полаза.

Зараз ёсць падставы меркаваць, што гэтая вёска з даўніх часоў была ў  трыманні рэчыцкіх улад (так званая “старасцінская” зямля), бо калі пасля смерці князя І. Сенскага, яго жонка  адружылася з любецкім князем Дзмітрыем Раманавічам Відніцкім, гэта выклікала востры канфлікт паміж Рэчыцай і Любечам наконт прыналежнасці Калодчыч. Вядома, што спрэчка вырашылася ў судзе 29 студзеня 1541 г. на карысць князя Д. Відніцкага і яго прыёмных дзяцей. Доўгі час навукоўцам не ўдавалася дакладна лакалізаваць вёску Калодчычы на правабярэжжы Дняпра. Толькі з увядзеннем украінскім гісторыкам Ігарам  Кандрацьевым у навуковае выкарыстанне прывілея  Жыгімонта ІІ Вазы (датаванага 1595 г.) аб наданні ў валоданне  лоеўскага шляхціча  Рыгора Сіліча вёскі Каўпынічы (Каўпені), у якім сцвярджаецца, што каля вёскі  Калодчычы “проживали люди прозываемые Ковпыничи”, стала зразумела, што сярэднявечныя  Калодчычы, гэта сучасная вёска Сінск,  якая яшчэ ў ХIХ стагоддзі ў дакументах і  на картах пазначалася як Сінское або Сянская.  Вёска Каўпень знаходзіцца на адлегласці 6 км на поўнач ад Сінска. 

Што датычыць семантыкі тапоніма Калодчычы, то відавочна яно мае карнявую аснову Калод, якая нярэдка выкарыстоўвалася ва ўсходнеславянскіх гаворках для назваў азёраў з крыніцамі, ад яе ўтварылася і слова калодзеж. Назву Калодчычы патрэбна разумець як “глыбокі прыродны водны аб’ект з цёмнай паверхняй вады”.

Зноў жа, звернем увагу, што па меркаванню вучоных да ліку  паселішчаў, якія былі заснаваны яшчэ ў часы Кіеўскай Русі, звычайна адносяцца вёскі, у назве якіх ёсць словаўтваральныя суфіксы  іч(ыч), іц(ыц). Зараз ёсць усе падставы сцвярджаць, што Калодчычы існавалі яшчэ ў часы Старажытнай Русі і па меркаванню доктара гістарычных навук А.А. Макушнікава былі старажавым пастом на подступах да Мохаўскага паселішча-крэпасці. Аб гэтым сведчыць і выяўлены археолагамі курганны могільнік з 25 насыпаў эпохі Кіеўскай Русі, размешчаны на адлегласці 1 км ад вёскі ва ўрочышчы Казлова курганне. Курганы даследавалі беларускія археолагі Завітневіч У.З. (1890 г.) і Побаль Л.Д. (1975 г.). Пахаванні тут адбываліся па абраду трупаспальвання, былі выяўлены рэшткi вогнiшчаў на ўзроўнi гарызонта пад насыпамі, астанкi касцей у пасудзінах-урнах i без iх.

У 1676 г.  вёска Сінская ў складзе Лоеўскага зямельнага ключа была перададзена Соймам Рэчы Паспалітай у спадчынную ўласнасць графу  Мiхалу Станiславу Юдзiцкаму, войту рэчыцкаму. Па пiсьмовых крынiцах у 1795 г. вёска Сінская  Лоеўскай воласці Рэчыцкага павета, Мінскага ваяводства  знаходзiлася ва ўласнасцi графаў Юдзіцкіх i налiчвала 15 двароў i каля 90 жыхароў.

У 1850 г. у Сінска налічвалася ўжо 30 двароў і 190 жыхароў. Адразу пасля адмены прыгоннага права ў 1961 г. сяляне вёскі адмовіліся выконваць павіннасці на карысць памешчыкаў, спаслаўшыся на малазямелле і дрэнную якасць надзельнай зямлі, а таксама адсутнасць добрых выпасаў і вадапояў. Толькі пасля ўмяшальніцтва губернскіх улад і абяцання вырашыць пытанне на карысць сялян, канфлікт быў прыглушаны. Паводле Устаўной граматы лоеўскага маёнтка складзенай у 1862 г. у Сінскім сельскім таварыстве налiчвалася 123 мужчыны, было 32 двары цяглых сялян і 2 двары агароднікаў, якiм належала 508 дзесяцін зямлі, у тым ліку 22 дзесяціны пад  сядзібамі.

Вядома таксама, што ў 1864 г. сяляне Сінской і суседніх вёсак Крупейкі, Цясны і Дзяражычы, не задаволеныя прапанаванымі ўмовамі выкупу сваіх надзельных зямель, адмовіліся пераходзіць на  выкуп, плаціць падаткі і выконваць працоўныя павіннасці на карысць лоеўскіх памешчыкаў Лашча і Нарушэвіча. У сувязі з гэтым мінскі губернатар звярнуўся да віленскага генерал-губернатара за дазволам увесці  вайсковую каманду ў Лоеўскую і Дзяражычскую воласці, арыштаваць арганізараў сялянскага выступлення, якія жылі ў вёсках Крупейкі і Сінская, і аддаць у продаж іх маёмасць. Такім чынам улады жорстка падавілі супраціўленне сялян. Сялянскія хваляванні паўтарыліся ў гэтай вёсцы таксама  ў 1867 і 1871 гг.

У 1867 г. у Сінской працавала аддзяленне Лоеўскага народнага вучылішча, у якім навучалася 15 хлопчыкаў. Настаўнікам тады працаваў селянін Кірыл Карпянок. У царкоўных кнігах Сінское пазначана ў 1879 г. як сяленне, якое адносілася да лоеўскага Свята-Троіцкага царкоўнага прыхода. Паводле перапісу 1897 г. у вёсцы налічвалася  90 двароў, 444 жыхары, школа граматы, хлебазапасны магазін.  У 1908 годзе было ўжо 104 двары i  728 жыхароў. Сваё прастольнае свята  вёскі жыхары Сінской  штогод адзначалі 14 кастрычніка на свята Пакрава Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень  на вясковы фэст з’язджаліся родзічы і добрыя знаёмыя, якія пражывалі ў суседніх паселішчах. З пачатку ХХ стагоддзя за вёскай паступова замацоўваецца назва Сінск.                                                                                                                                          

У 1911 г. у Сінску ў сялянскай сям’і нарадзіўся  Кузьма Пятровіч Грыб, будучы Герой Савецкага Саюза, камандзір стралковага ўзвода, малодшы лейтэнант, які здзейсніў подзвіг і загінуў у баі 28 верасня 1943 г. каля прыдняпроўскай вёскі Куцавалаўка  Кіраваградскай вобласці Украіны. (Фотаздымак не захаваўся). Іменем  Кузьмы Грыба названа вуліца ў суседняй вёсцы Бывалькі і ў 2015 г. на Алеі Герояў у г. п. Лоеў яму ўсталяваны помнік.

У 1923 г. у Сінску налічвалася 128 падворкаў і пражывала  706 чалавек. Паводле перапісу 1926 г. у вёсцы налічвалася 137 гаспадарак,  працавалі сталярная, шавецкая і кравецкая майстэрні, 2 кузні, ветраны млын і воўначасальня, пераважалі прозвішчы Пазняк, Прымак, Сініла. У 1926 г. Сінск стаў цэнтрам  сельсавета. У 1927 г. у  вёсцы існавала таварыства па вытворчасці вогнетрывалай цэглы «Чырвоная зорка», дзейнічала школа 1-й ступені з 3 гадамі навучання. У школе вучылася 50 вучняў, а настаўнікам працаваў Карпенка Д.І. У снежні 1927 г. Сінскі сельсавет быў скасаваны і яго тэрыторыя далучана да Бывалькаўскага сельсавета.

У 1930 г. у вёсцы быў створаны калгас «Новы быт», якому належала кузня і ветраны млын. Падчас калектывізацыі былі раскулачаны і высланы за межы Беларусі сем’і Коласа Івана Міхайлавіча, Коласа Канстанціна Іванавіча, Сiнiла Каленiк, Краўчанка Яўхім, Крамар Сцяпан.

У 1941 г. у Сінску налічвалася 147 двароў і 700 жыхароў. 5 чэрвеня 1943 г. на трэці дзень Святой Тройцы жыхароў вёскі напаткала вялікая трагедыя. Нямецка-фашысцкія акупанты падчас карнай аперацыі за падарваную партызанамі на дарозе Сінск-Крупейкі машыну з нямецкім афіцэрам, поўнасцю спалілі вёску, а 130 сямей прымусова вывезлі ў Германію.

Пасля вайны, калі жыхары  вёскі вярнуліся з фронта і нямецкай няволі, калгас “Новы быт” быў адноўлены, а  вёска Сiнск адбудавана занава. Працяглы час падчас калектывізацыі і пасля вайны старшынёй калгаса працаваў Лагвінёнак Пятро Цярэнцьевіч. У чэрвенi 1950 г. адбылося ўзбуйнення калгасаў  i Сiнск увайшоў у склад калгаса «Чырвоны сцяг» з цэнтрам у суседняй вёсцы Бывалькi, а ў  лiпенi 1954 г. тэрыторыя Бывалькаўскага сельсавета была далучана да Дзяражычскага сельсавета. Паводле перапісу 1959 г. у Сiнску пражывала 308 жыхароў.  У 1962 г. калгас «Чырвоны сцяг» атрымаў назву «Ленінскі сцяг». 25 сакавiка 1965 г. быў адноўлены Бывалькаўскi сельсавет, цэнтрам якога стала вёска Бывалькi. На вясковых могілках у Сінску ў 1966 г. быў устаноўлены абеліск ва ўшанаванне памяці  67 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Вядомасць Сiнску ў другой палове ХХ стагоддзя надала сям’я “гулiвераў” Краўчанкаў,  6 членаў якой мелi рост вышэй 190 сантыметраў. Два прадстаўнiкi гэтай сям’i — браты Улaдзiмiр (рост 214 см) i Яўген (207 см) абаранялi гонар Беларусi  i СССР, станавіліся  пераможцамі i прызёрамі сусветных i еўрапейскiх спаборнiцтваў i атрымалi званне “Майстар спорту міжнароднага класа па баскетболу”. У 1975  г. у складзе юнацкай зборнай СССР у Афінах (Грэцыя) чэмпіёнам Еўропы па баскетболу стаў Яўген Краўчанка. У 1977 г. Уладзімір Краўчанка  патрапіў у склад студэнцкай зборнай каманды СССР, якая на Сусветнай Універсіядзе ў Сафіі (Балгарыя) заняла другое месца, прайграўшы толькі амерыканцам.  Спартыўныя ўзнагароды ў складзе зборнай СССР браты Уладзімір і Яўген прывозілі таксама  з розных баскетбольных турніраў.

Па перапісу насельніцтва 1999 г. у Сінску налічвалася 60 падворкаў, пражывала 106 чалавек, з іх 44 мужчыны і 62 жанчыны. У 2003 г. Сiнск увайшоў у склад Прыватнага унiтарнага прадпрыемства “Бывалькі”, а зараз вёска ўваходзіць у склад КСУПа “Бывалькі”.

Ульян Касцееў.

Instagram
Telegram
VK
VK
OK