Кожны год, 17 кастрычніка, Лоеўшчына адзначае чарговую дату вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1941-1945 гг. людзям трэба было не проста прыняць жахлівую рэальнасць, але і выжыць, выстаяць, абараніць сябе і сваю краіну.
Газетам вогненных саракавых належала галоўная інфармацыйная і мабілізуючая роля. У іх публікаваліся загады і звароты кіраўнікоў Савецкага Саюза, аператыўныя зводкі Савінфармбюро з франтоў, артыкулы пра мужнасць і гераізм савецкага народа. Па звестках Беларускай энцыклапедыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна выдавалася газета «Наша Перамога», якая з’яўлялася органам Лоеўскага падпольнага райкама КП(б)б. Прапануем нашым чытачам дакрануцца да гісторыі і зазірнуць на старонкі друкаванага выдання ў гады ваеннага ліхалецця і пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі.
Лоеўскі раён быў акупаваны нямецкімі захопнікамі ў верасні 1941 года. За два гады фашысты правялі шмат крывавых распраў над мірнымі жыхарамі, актывістамі савецкай улады, грамадзянамі яўрэйскай нацыянальнасці. Здзеку і гвалту падвергліся безабаронныя жанчыны, старыя, дзеці і ваеннапалонныя. Але нават у такой сітуацыі газеты знаходзілі патрэбныя словы, здольныя падбадзёрыць савецкіх людзей на барацьбу з фашызмам. На першай паласе кожнага выпуску размяшчаўся лозунг: “Смерць нямецкім акупантам”. У адным з вераснёўскіх нумароў “Нашай Перамогі” быў надрукаваны зварот да працоўных Лоеўшчыны, у якім заклікалі граміць ворага.
“Да працоўных Лоеўшчыны” 27 верасня 1943 г.
…Вы чуеце гул артылерыйскай страляніны.
Гэта Вашы сыны і браты, бацькі і мужы спяшаюцца вызваліць Вас з нямецкай няволі. Дапамагайце ж хутчэй разграміць нямецкіх звяроў, наблізіць час перамогі! Хто як можа — шкодзьце здыхаючаму ворагу!
Не давайце праклятым зладзеям паліць вашы хаты, заганяць у нямецкую няволю беларускі народ.
Пры спробе немцаў загнаць, разбягайцеся ў лясы і балоты, дапамагайце граміць нямецкія тылы, пераразайце правады, падпальвайце склады, паліце масты, разбурайце дарогі.
Уважліва прыглядайцеся, дзе немцы расстаўляюць міны, для таго як падойдуць часці Чырвонай Арміі, паведаміць ім аб месцах варожых мін.
А тыя, хто забыўся аб гонару савецкага чалавека і прадаўся немцам, павінны зразумець, што не выратуюць іх гаспадары-немцы. Няхай не бягуць з немцамі. Бескарысна. А калі ў іх сэрцах ёсць яшчэ кропля савецкай крыві, то няхай скупяць сваю віну перад Радзімай бязлітаснай барацьбой супраць гітлераўцаў. Колькі заб’юць немцаў — столькі ім і прабачыцца. Крывавы Гітлер дажывае апошнія дні. Народы Еўропы і Амерыкі пакляліся сцерці фашызм з твару зямлі, і гэта будзе зроблена!
Мусаліні ўжо атрымаў па шапцы. Англійскія і амерыканскія войскі высадзіліся ў Італіі. Італія капітуліравала.
Чырвоная Армія, громячы і знішчаючы фашысцкія полчышчы, штодзенна прасоўваецца наперад.
Будзьце непахісны і мужны.
Чакайце і дапамагайце хутчэй разграміць ворага!
Няхай жыве гераічная Чырвоная Армія!
Смерць нямецкім захопнікам!
На франтах Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагаўся з ворагам Ленінска-Сталінскі камсамол. Адданыя сыны і дочкі абаранялі сваю Радзіму ад фашысцкай арды, паказываючы прыклады мужнасці, стойкасці і адвагі.
“Камсамол у баях за Радзіму” 5 кастрычніка 1943 г.
Камсамольцы партызанскага атрада “За Радзіму” шмат зрабілі для сваёй Радзімы. Яны прымалі актыўны ўдзел у падрыўной справе, напрыклад, Валянцін В. мае 5 спушчаных эшалонаў і адну падарваную аўтамашыну, Мікалай Д. — 3 эшалоны і 2 аўтамашыны, Мікалай М. — 3 эшалоны і 5 аўтамашын, Аляксандр Л., Якаў Б., Апанас С. і іншыя паказваюць добрыя прыклады ў барацьбе з ворагам.
Цяпер, калі Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі, мы павінны яшчэ больш напрэгчы свае сілы, яшчэ мацней нанасіць удары па фашысцкаму зверу. Вывучаць вопыт вайны, авалодваць баявой вывучкай, вучыцца ваяваць так. Як гэта патрабуе справа перамогі.
Як бы не лютавалі нямецкія рабаўнікі і каты нішто не зламіла волі савецкіх людзей. Яны цвёрда верылі ў перамогу, а Чырвоная Армія крок за крокам вызваляла кожную пядзь шматпакутнай зямлі. Лоеўшчына вытрымала жорсткія выпрабаванні ў барацьбе з каварным ворагам і пазбавілася ад фашысцкага палону.
З перадавога артыкула “Свята прыйшло і на нашу вуліцу” ад 25 кастрычніка 1943 г.
Наступіў догачаканы час, калі праследуючы разбітыя полчышчы Гітлера, доблесныя палкі і дывізіі Чырвонай Арміі ўступілі на беларускую зямлю.
Змятаючы гітлераўскую зграю, ламаючы іх шалёнае супраціўленне, воіны Чырвонай Арміі ўжо вызвалілі многа раёнаў Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей.
Пасля доўгай жудаснай ночы нямецкай няволі над Гомельшчынай заняўся светлы дзень вызвалення.
Вызвалены раённы цэнтр Лоеў. У Лоеўскім раёне поўнасцю вызвалены сельскія саветы:
Лоеўскі, Крупейскі, Дзяражыцкі, Бывалькаўскі, Казярожскі, Пярэ-дзельскі, Страдубскі, Шарпілаўскі, Карпаўскі, Першамайскі.
Беларускі народ горда і высока трымае галаву сваёй нацыянальнай годнасці, ен не страціў і не страціць ніколі яго.
Любоў да сваей Радзімы і вера ў нашу канчатковую перамогу зʼявілася той сілай, якая ўзняла масы беларускага насельніцтва на барацьбу з заклятым ворагам.
Гэта сіла ператварыла мірных людзей — калгасніка, рабочых, інтэлігентаў у грозных мсціўцаў, згуртавала іх у атрады і брыгады.
За 2 гады жорсткай барацьбы беларускія партызаны прычынілі нямецкім акупантам незаменныя страты, знішчыўшы многія тысячы нямецкіх салдат і афіцераў і значную колькасць ваеннай тэхнікі.
Трымаючы пад сваім кантролем велізарную тэрыторыю, партызаны зʼяўляюцца абаронцамі жыцця і маёмасці мірнага беларускага насельніцтва. Яны вырвалі з нямецкіх лап сотні тысяч савецкіх грамадзян, не даўшы фашыскім разбойнікам загнаць іх на катаргу ў Германію.
Мы не пасіўна чакалі дня свайго вызвалення. Мы рабілі ўсё, што маглі, каб наблізіць гэты жаданы і радасны для нас дзень.
Па дарогах Беларусі ўжо адкачваюцца разгромленыя гітлераўскія полчышы. Наша асноўная задача ў гэтыя дні — пераймаць іх і знішчаць. Пераймаць тых, што пад ударамі Чырвонай Арміі адыходзяць на захад, а таксама і тых, што з Германіі спяшаюцца ім на дапамогу.
Па якой бы дарозе ў Беларусь немец не пайшоў, яна павінна прывесці яго ў магілу.
Свята прышло на нашу вуліцу!
Няхай жа неміручай славай пакрыюцца імёны мужных савецкіх воінаў-вызваліцеляў!
Смерць фашысцкім вырадкам, зладзеям і забойцам!
26 месяцаў таміўся Лоеў у нямецкай няволі. 16 кастрычніка 1943 года часці слаўнай Чырвонай Арміі фарсіравалі Днепр, імкліва атакавалі немцаў і ў выніку жорсткіх баёў прарвалі моцную лінію абароны на заходнім беразе ракі, — піша газета “Калгасная перамога” у матэрыяле “16 кастрычніка мінулага года”.
15 кастрычніка 1944 г.
…прайшоў год з дня вызвалення Лоева. Насельніцтва самааддана ўзялося за аднаўленне гарадского паселка. Працуюць раённыя ўстановы, бальніца, амбулаторыя, сярэдняя школа, дзіцячы дом, райпрамкамбінат, шавецкая і кравецкая арцелі, дзіцячы сад, сталовая, прыстань. За год пасля вызвалення пабудавана 68 дамоў і заканчваецца будаўніцтва яшчэ 96…
Размінёрам вынесена падзяка
У наш раён прыслана група размінераў на чале з камандзірам тав. Барадайка. Да гэтай работы былі таксама прыцягнуты курсанты па размініраванні палёў, якія падрыхтаваны аддзелам Асаавіяхіма. Размінёры папрацавалі добра. Яны абясшкодзілі ўсю мясцовасць ад мін.
М. Муравіцкі, ад 6 ліпеня 1944 г.
На пабудову звяна самалётаў
Жадаючы дапамагы доблесным воінам хутчэй дабіць ворага, калектыў работнікаў Лоеўскай МТС арганізаваў збор сродкай на пабудову звяна самалетаў «Калгаснік Лоеўшчыны». Рабочыя і служачыя МТС ужо сабралі 3830 рублей, збор сродкаў працягваецца.
І. Кацуба, ад 23 ліпеня 1944 г.
Святлана Кулеш, “ЛК”.