На шасцідзесяты дзень нараджэння нашай матулі, мы рашылі зрабіць ёй дарагі і запамінальны падарунак — мабільны тэлефон. Самы лепшы, самы сучасны, каб наша родная любая мамачка магла ў любы час дня і ночы да нас патэлефанаваць: усё пра нас ведаць и не турбавацца. Усё ж такі значная дата!
Юбілей адсвяткавалі ў лепшым рэстаране горада, хаця маці настойвала ўсё дома зрабіць, каб таней было. Але ж мы і слухаць не жадалі. 60 гадоў бывае адзін раз у жыцці!
Уручылі ёй прыгожую скрыначку. Яна паглядзела на падарунак і нават спужалася. Ой, дзеткі! — кажа, — такая складанная тэхніка, не разбяруся! Але ж мы яе ўпэўнілі, што ўсё будзе добра і прыставілі да яе настаўніка, знаёмага гімназіста з восьмага класа, Міцьку, які нават быў першым на нейкай там алімпіяде. Настаўнік папрацаваў на славу. Праз тыдні два, наша матуля засвоіла ўсё, што было у тэлефоне, а Міцька яшчэ і накідаў розных гайдаў. Асабліва ёй спадабаўся навігатар. Націскаеш кнопачку, даеш заданне і наперад! Навігатар выпрабавала ў горадзе, калі незнаёмая жанчына спытала, дзе вуліца Піянерская. Тады наша бабулька вырашыла даць памочніку больш складаннае заданне.
Загадала паказаць дарогу да яе роднай вёскі Здудзічы. Села на веласіпед і памчалася па зададзенным маршруце. Праз пэўны час, яна прыбыла ў пункт назначэння. Прыгожы мужчынскі барытон з гаджэта дзелавіта паведаміў, што гэта і ёсць родная вёска нашай аматаркі падарожжаў.
Матуля вёску не пазнала, а прачытаўшы на шыльдзе надпіс, зразумела, што трапіла не туды. У выніку яна абвінаваціла сябе, што не дакладна ўнесла ў пошукавы радок назву.
Пасля атрымання новага задання, навігатар павёў яе ў адваротным накірунку. Яна паслухмянна рухалася па напрамку прыбора. Веласіпед прыйшлося пакінуць на краю вёскі, бо кола спусцілася. У рэшце неўгамонная турыстка трапіла не куды-небудзь, а прама ў лес. Радасці не было краю, калі тут ёй сустрэлася грыбная паляна, поўная моцненькіх беленькіх грыбочкаў! Тут маці пераканалася, што разумны інтэрнэт нават яе думкі можа ўгадваць, бо менавіта сёння ноччу яны (грыбы) ёй і сасніліся!
З тых часоў наша Надзея Пятроўна сядзіць на сайтах і размаўляе з усім светам. Нават у далёкай Амерыцы ў яе ёсць сяброўка. Да таго ж, матуля навучылася адпраўляць фота. Таму на яе сядзібе зараз растуць толькі кветкі. Трэба ж прыгожыя здымкі рабіць, за якія ёй лайкі паступаюць. Аднойчы наша матуля налічыла 23 тысячы галасоў. Хоча дайсці да шасцізначнай лічбы…
А мы ўжо забыліся пра яе першыя хрусткія і саладзенькія агуркі, зеляніну, цыбульку. Усё на рынку набываем. А там жа так дорага!
Раней нам з пенсіі матуля трошкі грошай падкідвала, бо жывем разам, ў адной кватэры, а зараз — не. Збірае на новы айфон. Хутка мара здзейсніцца. Міцька, гад, яе падбухторвае, яна цяпер яму грошыкі дае за навуку. Таму ён, нават, абяцаў яе блогершай зрабіць. У нас атрымалася яго адгаварыць і грошыкаў давялося падкінуць, каб гэтую задуму аставіў. Вось так і жывем зараз.
Забыліся мы і пра пачастункі. Раней наша Надзея Пятроўна піражкі пекла і мне на працу давала, цяпер — перастала. Для яе існуе толькі інтэрнэт.
Аднойчы прама на кватэру нам прынеслі нейкія кітайскія стравы, якія маці параіў яе “добры сябар” інтэрнэт. А галоўнае — яна вымушае і нас іх піць. Брыдкія на погляд, вызываюць толькі агіду, а матуля стаіць на сваім:
— Гэта вельмі каштоўна, бо павышае вашы жыцёвыя сілы і энергетыку!
Усе свае мудрыя рэцэпты яна забыла і заўсёды раіцца толькі з інтэрнэтам. Не паверыце, нават, сэрыялы глядзіць толькі тыя, што раіць “добры сябар” інтэрнэт. Не паверыце! Я на яго так і называе: “мой добры сябар”.
Часам я распавёў пра гэтую сітуацыю свайму школьнаму таварышу, які працаваў псіхолагам.
— Так, цяжкі выпадак. Але не вы першыя трапілі ў гэткую гісторыю. Не толькі моладзь, але і сталыя людзі ўжо аказваюцца нявольнікамі інтэрнэту. Але я магу параіць вам нешта вельмі дзейснае. Дапаможа сама прырода. Праўда, неабходна рашучасць, цярпенне і некаторы час.
Я выслухаў, падзякаваў і сказаў, што параюся з жонкай, бо без яе ніяк не абыдзешся.
Праз год усё змянілася радыкальна. І калі мы сустрэліся зноў, сябар мяне не пазнаў.
— Зусім іншы выгляд. Трошкі стомленны, але ў вачах свеціцца радасць. Бачу, што маёй парадай скарысталіся!
— Дзякую за дапамогу! Я зноў стаў татам, а маці — бабуляй і гэта радыкальна падзейнічала на яе, у лепшым сэнсе гэтага слова.
Калі мая жонка стала цяжарнай і патрабавала: то вялены арбуз пад грыбным соусам, то шакалад з вэнджанай карамеллю, то не ела нічога акрамя капусты, — матуля (свякроў) нават не заўважала. Калі жывот Лідачкі пачаў як мячык выпіраць з-пад любога адзення, яна таксама не прыдала гэтаму ніякага значэння, бо была занята перапіскай з новай сяброўкай з Франціі і засвойвала слоўнік.
І толькі калі мы прынеслі нашу дачурку з раддома і яна закрычала на ўсю хату пранізлівым галаском, за які яе нават у раддоме празвалі “наша спявачка”, матуля-бабуля адарвалася ад свайго “добрага сябра” і ўтаропілася на ўнучку. Доўга глядзела, ўзрушана, здзіўлена… А потым з яе вачэй паліліся слёзы, якія капалі на падлогу, а потым на нашу Надзейку, якую яна ўпершыню ўзяла на рукі. Маленькая адразу супакоілася, бо адчула родную душу.
Наша Надзея Пятроўна не магла вымавіць ні слова. А калі бабуле сказалі, что дзяўчынку назвалі ў яе гонар, Надзея ды яшчэ Пятроўна, яна зноў заплакала ад радасці.
Потым было першае купанне, прагулкі на свежым паветры, бясконцыя бяседы з малой.
Пра телэфон і інтэрнэт Надзея Пятроўна забылася, бо ён разрадзіўся, а зарадка недзе згубілася, зразумела, не без нашай дапамогі.
У рэшце рэшт усё стала на свае месцы. Бабуля глядзіць сваю ўнучачку і так захапілася гэтай справай, што пра свайго “добрага сябра” нават не згадвае. А грошы, што збірала на айфон, яна падарыла сваёй тёзцы — маленькай Надзеі Пятроўне.
Галіна Масяйчук.