СЛОВА, ЯКОЕ НАС ЯДНАЕ

Штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства, якое стала сапраўды народным, сімвалам адзінства славян, умацавання духоўных каштоўнасцей, якія вучаць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край і паважаць продкаў. Менавіта пісьменства з’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы сувязь пакаленняў.

Тамара Навуменка

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў нашай краіне з 1994 года.  Мерапрыемства традыцыйна праводзіцца ў мястэчках — вядомых цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

Упершыню ўрачыстасці  праходзілі  ў старажытным Полацку, дарэчы, ён прымаў свята двойчы. Сталіцамі станавіліся такія гістарычныя гарады, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Каменец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок.

У 2024 годзе свята духоўнасці і нацыянальнай культуры будзе прымаць горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Сярод ураджэнцаў гэтага краю — знакаміты пісьменнік і дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Піліп Пестрак, вядомы журналіст і майстар лірычнай літаратуры Яраслаў Пархута. Недалёка адсюль размешчаны знакавыя выдатныя мясціны Беларусі — музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у Косаве.

Штогод збіраюцца тысячы гасцей з усёй краіны і замежжа. Сярод ключавых мерапрыемстваў — рэспубліканская навуковаасветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй», якая праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў і завяршаецца ў сталіцы правядзення самога свята.

За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй краіне. Гэта тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры.

Бібліятэкі Лоеўшчыны не засталіся ўбаку ад гэтай знакавай падзеі і прымеркавалі да яе шэраг мерапрыемстваў пад агульнай назвай «З кнігай праз стагоддзі».

— Дзень беларускага пісьменства — гэта наша гісторыя і спадчына, якая вяртае нас да вытокаў роднай мовы і культуры, што звязвае нас са стагоддзямі, з сённяшнім днём і будучыняй. Гэта дэманстрацыя адзінства друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, — адзначыла дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Тамара Навуменка.

— Бібліятэчныя работнікі як ніхто ведаюць, што творы беларускіх пісьменнікаў нясуць любоў да Радзімы, паказваюць яе шматгранную прыгажосць і запатрабаванасць багатай літаратурнай спадчыны ў грамадстве.

Для наведвальнікаў установы культуры падрыхтавана шмат розных тэматычных актыўнасцей: інтэлектуальная гульня «Свет ведаў адкрывае кніга», інфармацыйна-пазнавальная гадзіна «Шлях друкаванага слова», гадзіна роднай мовы «Падарожжа па сучасных сталіцах беларускага пісьменства», літаратурная гадзіна «Пісьменнасць. Друк. Кніга. Бібліятэка», гістарычнае падарожжа «Ад глінянай таблічкі, да друкаванай старонкі», арганізаваны кніжныя выставы.

Як падкрэслілі ў раённай бібліятэцы, у гэтыя дні кожны зможа знайсці сабе занятак даспадобы.

Аляксандра Пашкевіч, «ЛК».

Instagram
Telegram
VK
VK
OK